СВІНЦУ́ АКСІ́ДЫ,

злучэнні свінцу з кіслародам. Найб. пашыраныя С.а.: аксід PbO, дыаксід PbO2, ортаплюмбат (IV) свінцу(II) Pb3O4, ці свінцовы сурык.

Крышт. рэчывы, нерастваральныя ў вадзе. Аксід PbO існуе ў 2 крышт. мадыфікацыях — чырвонай (α-PbO, мінерал глёт) і жоўтай (β-PbO, мінерал масікот); т-ра паліморфнага ператварэння (α→β) 587 °C. Атрымліваюць PbO акісленнем расплаву свінцу кіслародам паветра, а таксама тэрмічным раскладаннем гідраксіду Pb(OH)2) і карбанату ці нітрату свінцу (II). Выкарыстоўваюць у вытв-сці сурыку і інш. злучэнняў свінцу, свінцовых шкла (хрусталь, флантглас) і палівы. Дыаксід PbO2 — рэчыва цёмна-рудога колеру. Моцны акісляльнік; пры расціранні з серай або чырвоным фосфарам загараецца. Атрымліваюць узаемадзеяннем Pb3O4 з канцэнтраванай азотнай к-той. Выкарыстоўваюць для запаўнення ячэек пласцін свінцовых акумулятараў, як акісляльнік (напр., кампанент галовак запалак). Свінцовы сурык Pb3O4 — рэчыва чырв. колеру, атрымліваюць пры награванні PbO да 400—500 °C у акісляльным асяроддзі. Выкарыстоўваюць як пігмент для антыкаразійных фарбаў і замазку ў свінцовых акумулятарах.

т. 14, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)